Гульня ў Тэтрыс зніжае цягу да курэння

Брытанскія навукоўцы з Універсітэта Плімута выявілі, што сакрэтам зніжэння цягі да цыгарэт, прадуктаў харчавання і нават сэксу можа быць звычайная кампутарная гульня Тэтрыс.

Было ўстаноўлена, што цяга памяншаецца на 20% пасля таго, як частка мозгу, якая адказвае за развіццё залежнасці, была занятая апрацоўкай іншай інфармацыі.

Псіхолагі папрасілі 31 студэнта ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў кожныя 15 хвілін паведамляць, калі яны адчувалі цягу да цыгарэт і наколькі яна была моцная. Пры гэтым палова ўдзельнікаў гуляла ў Тэтрыс на планшэце, а другая палова нічога не рабіла. Даследнікі выявілі, што гульня ў Тэтрыс зніжала цягу да палення на адну пятую. Па словах спецыялістаў, падчас гульні мозг выкарыстоўвае той жа самы спосаб апрацоўкі інфармацыі, які патрабуецца для прадстаўлення ва ўяўленні спажывання жаданых рэчываў накшталт прысмакаў і тытуню. Менавіта гэтыя ўяўленні і ўзмацняюць цягу.

Даследчыкі адзначаюць, што гэта першая дэманстрацыя таго, што кагнітыўныя перашкоды, якія ўмешваюцца ў працу мозгу, могуць быць выкарыстаны за межамі лабараторыі, каб паменшыць цягу да курэння і іншых рэчываў і прадуктаў. Раней навукоўцам атрымоўвалася адцягваць мозг ад падобных думак толькі пры дапамозе ежы.